2019-06-27, 01:02

Feb 27, 2012 — Notify Users module, ver. 0.5 released — user can choose between sending single message (...) »

2013-01-28, 08:32

19 студзеня 2013 у Гродне трагічна загінуў паэт, журналіст і мой сябар (...) »

2009-10-14, 07:19

The site Litaratura.org is devoted to Belarusian literary works and translations. (...) »

2009-01-12, 20:46

Late November 2008 marked the 20th anniversary of the official founding of the Belarusian (...) »

Registered User Area Log into This Site
Show Credits... Credits
~ / Articles Revisited / „Клюквы” зайгралі „Guns N’ Roses” $_
„Клюквы” зайгралі „Guns N’ Roses”
2009-01-23, 16:09
Language: Belarusian

Мой сын Тамаш (на трэцяй фотцы, на першым пляне) часамі ўмее мяне зьдзівіць. Маю тут на ўвазе зьдзіўленьне ў станоўчым сэнсе. (Адмоўныя зьдзіўленьні самі па сабе ўпісаныя ў бурлівы паток маладосьці і разважаць пра іх гэта тое ж, што і ліць з пустога ў парожняе.)

Апошні год рэгулярна чуў я ад Тамаша пра шматлікія ягоныя музычныя праекты — былі рэпэтыцыі таямнічага гурта гітарыстаў з гімназіі нумар 7, куды ён ходзіць за навукай; былі рэпэтыцыі на дзьве электрагітары ў нашай хаце; летам быў намер хадзіць у гарадзкі парк і пайграць за ахвяраваньні; быў таксама намер ехаць зь сябрамі на вольную сцэну „Басовішча”; і ўрэшце быў таямнічы праект „Клюквы”, на які ён досыць рэгулярна езьдзіў у Супрасьль, дзе Тамара і Пятро Карнілюкі далі прыстанішча для рэпэтыцыяў гурта. Тамаш у размовах са мною не карыстаўся назвай „Клюквы”, а называў гэтыя выезды проста „Ilo Project” — ад імя падляшскай сьпявачкі Ілёны Карпюк, якая апекавалася маладымі музыкамі ды вучыла іх мастацтву зладжанага гуртавога выкананьня.

Кодавая назва „Ilo Project” канчаткова рассакрэцілася мне 22 студзеня гэтага года, калі асьветніцкае аб’яднаньне „АБ-БА” наладзіла сьвяточную сустрэчу, на якой пахвалілася перад запрошанымі бацькамі сваімі праектамі, што ажыцьцяўляліся цягам 2008 года. „Клюквы” апынуліся ў ліку дзясяткаў двух гэтых праектаў, якія ў большай або меншай ступені спансаравала Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі. Ня будзе ў гэтым тэксьце другога лепшага месца, каб выказаць агульную думку, што перагруз праектамі ды бесперапыннае цытаваньне спонсараў і падзякі ім ствараюць скарабачаны вобраз нашага невялікага грамадзтва. Калі глядзець на сытуацыю зусім бескрытычна, дык можна сьмела сказаць, што арганізаваная беларушчына рухаецца дзякуючы менавіта названаму міністэрству і прылеглым яму дэпартамэнтам ды службам. Хопіць аднак прыгадаць, што навучаньне беларускай мовы ў школах Беластока пачалося безь ніякага матэрыяльнага спонсарства — дастаткова было адной грамадзянскай ініцыятывы і дэтэрмінаванасьці бацькоў. У той жа пэрыяд грамадзянскай мабілізацыі закладзеныя былі і асновы працы з моладзьдзю, якія цяпер абкатваюцца на прынцыпах праектаў. Варта сабе час ад часу прыгадаць, што гранты і датацыі ані не зьяўляюцца неабходнымі для ажыцьцяўленьня ініцыятываў, ані няма простай ці ўскоснай вязі паміж імі ды якаснасьцю саміх пачынаў.

Гурт „Клюквы” — добрая ілюстрацыя, што дзякуючы здольнай моладзі можа заіснаваць г.зв. праект, але не наадварот. Ніхто з маладых удзельнікаў гурта не засвоіў асноваў музыкі і практычнага валоданьня інструмэнтам цягам чатырох ці пяці месяцаў, якія прайшлі з моманту ўзьнікненьня думкі, каб моладзь пайграла і пасьпявала разам. Калі наогул адзначаць заслужаных, дык пачаць трэба з самой моладзі, потым можна назваць бацькоў, якія маральна і матэрыяльна падтрымліваюць звышнарматыўныя зацікаўленьні і памкненьні сваіх дзяцей. Пра бацькоў мы аднак найчасьцей маўчым, лічачы, што такі ўжо іхні бацькоўскі абавязак. Ну, дык чаму ж часамі гэтак жа сьціпла не памаўчаць пра абавязак дзяржаўных інстытутаў, якія намінальна на службе ў кожнага адзінкавага гамадзяніна?

„Клюквы” файна паказаліся: зайгралі і засьпявалі яны адзін стандарт англясаксонскай поп-культуры — кампазыцыю „Knockin’ On Heaven’s Door” (Грукаю ў нябесныя вароты), ды адну сваю. Музыку да арыгінальнага твора склаў мой Тамаш, а словы напісала Ганна Пякарская.

Movie player requires flash plugin, javascript, and multimedia-aware browser.

Памятка хлапечага пэрыяду Тамаша: Metallica — „Nothing Else Matters”; першы экзамен у музычнай школе, 2007 г.

Тамаш, якому неўзабаве споўніцца 16 гадоў, стаў вывучаць гітару ў 12-гадовым узросьце. Арытмэтычная розьніца тут невялікая, але ў сэнсе жыцьцёвага досьведу Тамаш са шчытом пратаптаў некароткую ўжо сьцяжыну — ад хлопечага капрызу паспрабаваць ігры на гітары да збольшага сьпелай упэўненасьці, што музыка застанецца ягоным верным жыцьцёвым сябрам. Першыя два гады Тамаша вучыў Марк Яраш, а пазьнейшыя два — Марцін Васілюк, які займаецца зь ім па сёньня. Усе гэтыя гады ўсьлед за Тамашом ішоў мой і жонкі кашалёк — штомесячна на саму адукацыю ды спарадычна, але затое надзвычай інтэнсіўна на чарговыя новыя інструмэнты, якіх актуальна тры плюс процьма ўсякага кшталту электрададаткаў. У кастрычніку 2008 года Тамаш далучыўся да „Клюкваў” — гурта, ідэя якога нарадзілася ў час дзіцяча-моладзевага летніка, які аб’яднаньне „АБ-БА” праводзіла на канікулах гэтага самага года. Гуртом апякуецца сьпявачка Ілёна Карпюк.

Песьню „Knockin’ On Heaven’s Door” у выкананьні гурта „Guns N’ Roses”, на якім узорыліся „Клюквы”, у час пісаньня гэтай нататкі можна было знайсьці на партале YouTube. Песьню напісаў у 1973 годзе Боб Дылан — расказваецца ў ейным просьценькім сюжэце пра пачуцьці шэрыфскага намесьніка, які паміраючы-заглыбляючыся ў вечную цемру „грукоча ў нябесныя вароты” ды асьведамляецца, што ніколі ўжо яму не скарыстацца ні шэрыфскай адзнакай, ні рэвальвэрам.

Відэазапіс выкананьня „Клюкваў” — зрабіла яго маці Лідзіі і Ганны — зьявіцца як дадатак да гэтага тэксту. Калі вам цікава пабачыць і паслухаць як „Клюквы” перастворылі „Guns N’ Roses”, дык запішыце сабе ў закладкі гэтую старонку і час ад часу на яе зазірайце ;-)